БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ДРУГІ́ ў Вялікую Айчынную вайну. 1-е фарміраванне створана 17.2.1944, дзейнічала на Ковельскім напрамку. Камандуючы ген.-палк. П.А.Курачкін, чл. ваен. савета ген.-лейт. Ф.Я.Бокаў, нач. штаба ген.-лейт. У.Я.Калпакчы. Уваходзілі арміі: 47, 61, 70, 6-я паветраная. Войскі фронту пачалі Ковельскую аперацыю, у час якой гітлераўцы прарвалі акружэнне Ковеля, таму сав. войскі перайшлі да абароны. 5.4.1944 фронт расфарміраваны, войскі перададзены ў склад Беларускага фронту першага.
2-е фарміраванне створана 24.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты, дзейнічала на Магілёўскім напрамку. Камандуючыя: ген.-палк. І.Я.Пятроў, з чэрв. 1944 ген. арміі Г.Ф.Захараў, з ліст. 1944 Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі; чл. ваен. савета: ген.-лейт. Л.З.Мехліс, з ліп. 1944 ген.-лейт. М.Я.Субоцін; нач. штаба: ген.-лейт. С.І.Любарскі, з мая 1944 ген.-палк. А.М.Багалюбаў. У розны час уваходзілі арміі: 3, 19, 33, 43, 48, 49, 50, 65, 70, 2-я ўдарная, 1-я і 5-я гвардз. танкавыя, 4-я паветраная. Франтавая газ. «Фронтовая правда». Войскі фронту ў 1944 правялі Магілёўскую, Беластоцкую аперацыі, удзельнічалі ў Мінскай (гл. адпаведныя арт.), у 1945 ва Усх.-Прускай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацыях. 6.5.1945 на тэр. Германіі сустрэліся з войскамі 2-й англ. арміі. 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне перайменавана ва ўпраўленне Паўн. групы войскаў.
М.І.Камінскі.
т. 2, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)